Белару́скі нацыяна́льны касцю́м — комплексы адзення, абутку і аксесуараў, якія склаліся на працягу стагоддзяў для выкарыстання беларусамі ў штодзённым і святочным ужытку. Нацыянальны касцюм мае надзвычай высокую культурную каштоўнасць і з'яўляецца адным з этнічных атрыбутаў беларускага народа.
Вылучаюць прынамсі 3 разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма (у адпаведнасці з сацыяльнай прыналежнасцю):
Беларускі сялянскі мае глыбокія гістарычныя карані і захаваў шмат архаічных рыс. Спалучаючы ў сабе практычнасць і эстэтычнасць, ён з'яўляўся і з'яўляецца значна большай рэччу, чым проста адзеннем ці нават мастацкім творам. Сялянскі касцюм беларусаў адлюстроўваў мясцовыя традыцыі, патрэбы і сацыяльны статус прадстаўнікоў беларускага народа, светапогляд майстроў, якія яго выраблялі, а ў дэкаратыўным арнаменце часам чытаюцца цэлыя змястоўныя гісторыі. Звычайна менавіта сялянскі касцюм маюць на ўвазе, калі вядуць гаворку пра нацыянальны касцюм беларусаў увогуле.
Мяшчанскі і шляхецкі нацыянальныя касцюмы ўпісваюцца ў агульнаеўрапейскія модныя тэндэнцыі, але пры гэтым маюць у сабе вялікую колькасць нацыянальных асаблівасцей, што дазваляе лічыць іх за разнавіднасці беларускага нацыянальнага касцюма.
Брагінскі строй | Калінкавіцкі строй | |
Кобрынскі строй | Магілеўскі строй | |
Пухавіцкі строй | Дамачэцкі строй | |
Маларыцкі строй | Рассонскі строй |